МАГІЛЁЎСКАЯ ХРО́НІКА,
помнік гарадскога летапісання 17—19 ст., апошні бел. летапісны звод. Складзена ў Магілёве купецкім старостам Трафімам Суртам (звесткі за 1526—1701) і рэгентам гар. канцылярыі Юрыем Трубніцкім (звесткі за 1701—46), прадоўжана сынам апошняга Аляксандрам і ўнукам Міхаілам (да 1856). Напісана па-польску, запісы за 1841—56 па-руску. Крыніцамі хронікі паслужылі летапісныя запісы і ўспаміны сучаснікаў, матэрыялы магілёўскага архіва, хронікі А.Гваньіні і М.Стрыйкоўскага, Кіеўскі сінопсіс, асабістыя назіранні аўтараў. У хроніцы адлюстравана сац.-паліт., гасп.-эканам. і культ. жыццё Магілёва эпохі позняга феадалізму. Змяшчае матэрыял па гісторыі Беларусі, Літвы, Украіны, Польшчы, Расіі 17—18 ст., а таксама шэраг літ. твораў 1-й пал. 18 ст., у т.л. вершаваны пасквіль на польск. кардынала М.Радзяёўскага, алегарычная сатыра «Карнавал іншаземны ў Польшчы». Складаецца з кароткіх пагадовых запісаў і разгорнутых апавяданняў пра значныя гіст. падзеі і асобныя моманты з жыцця герояў. Часткова апублікавана ў 19 ст. ў перакладзе на рус. мову, частка (да 1746) змешчана ў Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 35, 1980). Рукапіс зберагаецца ў Рас. нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.
В.А.Чамярыцкі.
т. 9, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)